Набліжаецца 25-годдзе трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, якая гэтак балюча закранула Беларусь. Баліць беларусам дагэтуль -- не толькі ад асэнсавання мінулага, але і ад думак пра будучыню. АЛЯКСЕЙ ЯНУКЕВІЧ, СТАРШЫНЯ ПАРТЫІ БНФ: "Самае галоўнае, што небяспека ёсць для будучых пакаленняў, і яна працягвае існаваць -- тэма чарнобыльскай бяды, тэма будаўніцтва сёння -- прынамсі, планаў будаўніцтва -- новай АЭС". Аргкамітэт для правядзення "Чарнобыльскага шляху" папярэдне вызначыў традыцыйны фармат. ЮРЫ ХАДЫКА, АРГКАМІТЭТ "ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ШЛЯХУ-2011": "Збор каля Акадэміі навук, шэсце да капліцы і мітынг -- гэта, па-мойму, самы аптымальны варыянт". Але ці ўхваляць гэты план улады? Ці дазволяць правесці акцыю? Першы і найбольш бязлітасны разгон "Чарнобыльскага шляху" адбыўся на самым пачатку кіравання Аляксандра Лукашэнкі -- у 1996 г. Апошнія гады акцыя праходзіць без ужывання такіх брутальных захадаў у дачыненні ўдзельнікаў. Ці можа пасля выбараў 19 снежня колішні жорсткі сцэнар вярнуцца? ЗЯНОН ПАЗНЯК, ЛІДАР ПАРТЫІ КХП-БНФ: "Цалкам магчыма, што могуць зрабіць правакацыю ці не дазволіць, бо Чарнобыль для іх гэта з'ява небяспечная -- яны праз Чарнобыль праводзяць сваю палітыку вынішчэння народу". Але і некаторыя прадстаўнікі ўлады выказваюць заклапочанасць постчарнобыльскаю сітуацыяй. УЛАДЗІМІР СІНЯКОЎ, СЯБРА ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ: "Ніводная праблема так цалкам і не развязаная -- у нас застаюцца забруджаныя землі. У нас жыве насельніцтва толькі ў Беларусі (я ўжо называў гэтую лічбу) больш за мільён чалавек на гэтай тэрыторыі". Мільён чалавек. Фактычна для кожнага дзясятага беларуса праблемы Чарнобылю застаюцца актуальныя. Як і застаецца актуальным для беларускага грамадства пытанне пабудовы АЭС. Таму "Чарнобыльскі шлях" цяпер нават важнейшы, чым раней. Вольга Жарнасек, "Аб'ектыў"