«Зберажом спадчыну»
Як сведчыць вопыт "Спадчыны", у вырашэнні праблемы фарміравання духоўных і культурных каштоўнасцей праз захаванне і прапаганду традыцый беларускага народа, адным з выніковых і цікавых напрамкаў з'яўляюцца разнастайныя конкурсы народных святаў і абрадаў.
Падчас конкурсу вялікае кола студэнтаў далучаецца да беларускай культуры праз народныя песні, карагоды, гульні, танцы. Ствараецца асаблівы эмацыянальны настрой, які ахоплівае не толькі ўдзельнікаў, але і гасцей, якія заўсёды прыходзяць на свята. Усё гэта прадэманстраваў і апошні конкурс "Зберажом спадчыну", які адбыўся 15 снежня 2011 года ў Малой зале Палаца культуры БДСГА. У конкурсе прымалі ўдзел студэнты 1 курса землеўпарадкавальнага факультэта (1 -- 3 групы) і 3 курса меліярацыйна-будаўнічага факультэта (1 -- 3 групы). У зале, як кажуць, яблыку не было дзе ўпасці, прыйшлі не толькі студэнты старэйшых курсаў, але і іншая моладзь, а таксама прадстаўнікі адміністрацыі меліярацыйна-будаўнічага факультэта.
Конкурс пераўтварыўся ў сапраўдную падзею ў культурным жыцці студэнцкай моладзі. Гэта была святочная, запамінальная вечарына, на якой студэнты праз падрыхтоўку святаў беларускага народнага каляндара, аздабленне і ўпрыгожванне стола з прыгатаванымі сваімі рукамі стравамі беларускай кухні не проста знаёміліся з традыцыямі і звычаямі продкаў, але і далучаліся да скарбніцы народнага вопыту, здаровага ладу жыцця, уласцівага для нашага народа.
Праца журы, якое ўзначальвала загадчыца кафедры гісторыі і культуралогіі БДСГА дацэнт Глушакова Н.А., была нялёгкай, паколькі ўсе ўдзельнікі конкурсу адказна і зацікаўлена паставіліся да яго падрыхтоўкі. Але спаборніцтва вымушае вызначаць лепшага сярод лепшых і журы павінна было зрабіць выбар. Па выніках працы былі абвешчаны пераможцы:
1 месца -- 1 група 1 курса землеўпарадкавальнага факультэта;
2 месца -- 2 група 3 курса меліярацыйна-будаўнічага факультэта;
3 месца -- 1 група 3 курса меліярацыйна-будаўнічага факультэта.